БЕЛАРУСКАЯ МОВА I Poem by Valzhyna Mort

БЕЛАРУСКАЯ МОВА I

Нават нашыя маці не знаюць як мы з'явіліся ў сьвет
як мы самі рассунуўшы іхнія ногі вылезьлі вонкі
так вылазяць пасьля бамбардыроўкі з руінаў
мы не ведалі хто з нас хлопец а хто дзяўчына
і жэрлі зямлю і думалі што жрэм хлеб
а нашая будучыня - гімнастачка на тонкай
нітачцы далягляду, што там яна толькі
не вырабляла
бля.

мы вырасьлі ў краіне дзе
спачатку крэйдай крэсьляць дзьверы
і ўночы прыязжаюць дзьве-тры машыны
і звозяць нас але
ў тых машынах былі не мужчыны
з аўтаматамі
і не жанчына с касою
але так да нас прыязджала каханьне
і забірала з сабою.

толькі ў грамадскіх туалетах мы адчувалі свабоду
дзе за двесці рублёў ніхто не пытаў што мы там робім
мы былі супраць сьпёкі летам, супраць сьнега зімой
а калі апынулася што мы былі нашай мовай
і нам вырвалі языкі мы пачалі размаўляць вачыма
а калі ў нас выкалалі вочы мы пачалі размаўляць рукамі
калі нам адсяклі рукі мы размаўлялі пальцамі на нагах
калі нам прастрэлілі ногі, мы ківалі галавою на «так»
і хісталі галавою на «не»... а калі нашыя галовы з'елі жыўцом
мы залезлі назад ў чэравы нашых спячых маці
як у бомбасховішчы
каб нарадзіцца ізноў.

а там, на даляглядзе, гімнастачка нашай будучыні
скакала праз вогненны абруч
сонца.

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Valzhyna Mort

Valzhyna Mort

Minsk, Belarus
Close
Error Success