Сонца стаіць на небе - гэта завецца дзень.
Але ж яно там і ў часе, які завецца ноч.
Бачыў я ўчора струмень у пошуку зайчаняці,
малога, дрыготкага, зьмерзлага,
з трымцячымі шэрымі лапкамі,
але было ўжо лета, і той яго не знайшоў.
Не сустрэліся зноўку.
Ну а як прыйдзе зіма?
Ані бізун, ані моркаўка, ані згуба, ані ідылія.
Можа, увосень паведамяць канчатковыя зьвесткі.
Гэтак стаіць і Месяц, ня знае, навошта ён там,
каля Зямлі і неба, ды ад усяго наводдаль,
нібы ня мае пасады й ніякага апраўданьня.
Не перашкодзіць сабе ён, іншаму не дапаможа.
Нават як сьлед і ня бачны, здаецца забытым,
як зьнікае за воблакам ці за рогам дамоў.
Жыве не па-грамадзянску й здаецца часовым,
як мінучая вечнасьць і цьмяны бляск братазабойства.
Гэта ўсё кажа пра нешта, але няма вырашэньня,
альбо яно нямое, нібы пустая трыбуна.
А раніцой замест зорак там будуць стаяць сьвятыя
і колішні зорны купал натапырыцца зьзяньнем,
цеплынёю напоўніцца, што патроху зьнікае,
бо сьвятыя маўчаць, покуль да іх ня зьвернесься.
Але хто ж да іх зьвернецца ў гэтай поўнай пустэчы,
дзе ўсё, што навокал, падаецца экранам,
дакумэнтальным фільмам на стылым воку TV.
Цэлы сьвет у гэтым сусьвеце, як шкло, празрысты,
па якім прабяжыць зайчаня, яго запэцкаўшы лапкай.
Можа, другое зьявіцца - лапкаю шкло ачысьціць,
а, можа, зрэшты, і не. Канец раўнавагі ня мае.
This poem has not been translated into any other language yet.
I would like to translate this poem