ЖАН-ПОЛЬ БЕЛЬМАНДО Poem by Valzhyna Mort

ЖАН-ПОЛЬ БЕЛЬМАНДО

Усё пачынаецца з камню вашага твару
на якім вусны ляжаць як два цюлені
у прыбярэжнай імгле цыгарэтнага дыму
вы рушыце праз вуліцы
пералічваць якія -
усё роўна што даваць назвы марскім хвалям.

(Гэты горад такі белы нездарма -
яго зрабілі з вашага рабра.)

Усё працягваецца маім
спаласаным сукенкай
целам. Я стаю на краю тратуара
на абцасах
што сталі мне шостым пальцам
і паказваю
дзе прыпаркавацца.

Той жа ноччу
лежачы разам
у парку для сабак
- кветкі кусаюць маю сьпіну! -
вы шапчаце:
чым дольш я гляжу на манэты тваіх саскоў
тым ясней на іх бачу профіль Каралевы.

Цела і грошы для вас -
быццам яйка і курыца.
Мэтафара "жаночага кашальку"
страшна зьбіе вас з панталыку.
Сьцягваючы грошы вы дэкламуеце:
кашалёк гэта кашалёк гэта кашалёк гэта кашалёк.
І яшчэ:
лепш трымаць сапраўдны кашалёк у руках
чым пераносны кашалёк - над галавою.

Мне кажуць што вы - толькі цела
заякаранае сваёй заржавелай крывёю.
Рана чарнее на вашых грудзях бы крумкач.
Я кажу - як дамовіліся - вы - мая маладосць.
Яблык што ўкусіў мяне каб нічога ня ведаць.

Смерць новы дзень вам уручае як залатую манэту.
Чым больш расьце гэты хабар
тым цяжэй ад яго адмаўляцца
тым ніжэй вас прагінае вага залатога сэрцу.

Вашыя рукі ведаюць дзе ў машыны талія
дзе ў пісталета - мочка.
Вы прывозіце мяне туды
дзе некалі рака задрала перад Богам спадніцу
і Бог зьбянтэжаны ад пабачанага
загадаў прыкрыць тый сорам горадам.

Яго танцавальная плошча
цемрай зьменшаная да памеру
крыху прыадкрытага роту сьпячага дзіцяці.
Я блытаю працягнутыя жабрацкія рукі
з языкамі сабакаў кроплячымі сьлінай.
Вы гладзіце ногі:
мае, сталоў, стульляў, іншых.

Яго танцавальная плошча - гэта клетка
дзе акардэоны скаляць зубы пакалечаным целам скрыпакаў.
Жабракі злізваюць з вуснаў рэдкае паветра.
Жанчыны што круцяцца ў сальса палошчуць
вас праз грудзі лязом сваіх
спадніцаў выпацканых ў півонях.

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Valzhyna Mort

Valzhyna Mort

Minsk, Belarus
Close
Error Success