Арфэй Poem by SIARHIEJ PRYLUCKI

Арфэй

Ты, цемра, што мяне радзіла...

Р. М. Рыльке

Як і заўжды, на Варшаўскім мосьце выходзіш з машыны.
Сапсаваны, сапселы канвэер мытні, сябры, знаёмцы...
Цыгарэта за цыгарэтай зь відам на рэчку, памежныя вышкі,
на зьмяінае тулава чэргаў, ярмарку жарсьцяў.

Гэта былі няўяўныя зборышчы душ,
якія сноўдалі каля шапікаў з дрэнным фастфудам
і ўзіраліся скрозь туман у адным кірунку.
Цямнела вада за адхонам. Больш не было нічога.
Хіба што зарасьнікі й прывідныя лясы.
Мост над вірамі, шэрае люстра неба.
А ўдалечы - між аўто, людзей, прасталытак -
быццам планкі бар'ераў на стадыёне,
віднеліся абрысы шлагбаўмаў.

Ноч, ледзьве ня раніца; дрымота й чаканьне гадо
ў бурлівым варыве моў, дыялектаў і рас:
скрыні з карэйцамі, партыя сьвежых лаосцаў.
А вось і ён, твой дзяжурны зьмены, мытнік гэрмэс:
"ваш квіток", "кіруйце на трэці шэраг", "калі ласка, пашпарт".
Свае абавязкі выконваў, як і належыць:
пакуль душу маю разьвярэджваў позіркам, тут жа
спрактыкавана абшукваў аўто.
Нават потым (па ўсім) трывога, нібы сабака,
не адставала і бегла заўсёды побач.

Але большасьць - тутэйшыя: дзядзька са століну, цётка
зь відамлі, два маладзёны з чарнаўчыц, нібы цытаты
з адной і той самай кнігі. Сьвітанак і кава з хатдогам.
Мэтамарфозы лёсаў чаруюць вока.

Вось ты і маеш тую нібыта-свабоду,
што блукае па венах і падвышае ціск.
Знэрваваным арфэем ганяеш да беластоку,
а твая эўрыдыка - палонная ў царстве айчыны.
Пад нагамі ніякае глебы - яе й не было ніколі.
"Гэткім гандлем ты мецьмеш свой мінімум", - кажа пагодак,
выхаванец хіп-хопу, свабоднага сэксу й бясчасься.

Што ж, і ў гэтым схаваныя пэўныя праўда і шчырасьць.
Бо яго заяблі, давялі да апошняе рысы
іхні мэнтарскі тон, засьцярогі, іхнія будатрады,
іхні цёплы куток з муштакамі, сном і гарбаткай.

Атрымаўшы патрэбны штамп, зьнікаеш за даляглядам:
са сваімі сумнівамі, верай, каханьнем, жыцьцёвай мэтай.
Калі ты малады - кайфуеш з уласнай няведы.
Аднак і ў яе, як і ў візы, аднойчы сканчаецца тэрмін.
І тады дзяжурны гэрмэс спыняе і кажа, наўпрост у вочы,
абыякава й патрабавальна: "Вяртайся".

І ты едзеш назад, каб неяк уладкавацца
качагарам у штольні аіду, пад бок да сваёй каханай.
Таму колы аўто пажыраюць кавалкі дарогі дамоў
няўпэўнена, мякка й цярпліва.

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success