Tabula rasa - II. садок Poem by SIARHIEJ PRYLUCKI

Tabula rasa - II. садок

ён завязвае неслухмяныя боцікі
седзячы на падлозе ў вітальні перад вялізным вокам люстра
што нібы выхавацелька
сочыць за кожным рухам

ён ідзе да шатні
бярэ свой капялюшык вятроўку насоўку
і па дарозе ў садок
дагнаўшы цёмную й рухавую
сьветку юлю марыйку
сканфужана й сарамліва брыдзе побач
нібы сабачка

ён ня любіць калі яму кажуць глупствы
( звычайна дарослыя
схільныя да спрашчэньняў)
будаваць у кутку піраміду нашмат цікавей
за ўсе іхнія ранішнікі ды ёлкі
ўсе гэтыя ціхія гадзіны
неядомыя й прэсныя кашы

ён глядзіць як ягоныя раўналеткі
юркі андрушкі сярожы
б'юцца бегаюць жаляцца няні
і думае якія ж яны ўсе прыдуркі
(некалі тата сказаў так слухаючы навіны)

ён чакае калі прыйдзе восень
каб зь вялікім букетам і ў белай кашулі з гальштукам
увайсьці нарэшце
даверлівым нэафітам
у той невядомы й таямнічы (о ілюзіі)
панэльны будынак ведаў

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success