Картаген Poem by ULADZIMIR ARLOU

Картаген

Бляшанка з-пад кока-колы
на мініятурным саркафагу
з прахам ахвяраванага Ваалу
немаўляці,
пазычаны ў дзіцячых кніжках
сэміцкі профіль Ганібала
на дробнай купюры,
рэдкія фаласы калёнаў
і белы прэзыдэнцкі палац
(як іх цягне да вечнага!)
за сотню крокаў
ад капішча Тафэль —
вось ты і пераканаўся:
знакамітую пастанову
рымскага сэнату
пасьпяхова выканалі,
і цяпер
найлепей прысесьці
на адбітую капітэль
і, заплюшчыўшы вочы,
паслухаць тутэйшы вецер.
Замест адказу на пытаньне,
чаму картагенская цывілізацыя
не стварыла паэзіі
і прыгожага пісьменства наогул
(ці не таму былі прайграныя
Пунічныя войны?),
саланаваты брыз
пазнаёміць цябе
з уладаркаю плятынавых валасоў
і амаль свойскага імя
Аўшра,
што ў перакладзе зь літоўскай —
Заранка,
зь якой можна размаўляць
на мове,
што ў гэтых шыротах
не падасца табе чужою,—
пра Вільню, Менск
і містыку мужчынскіх вачэй
і жаночых ножак.
Тэмаў хопіць на ўсю вячэру
і на перапынкі між танцамі
ў дыскатэцы з падазронаю назвай
«Самара»,
дзе каля поўначы
ты будзеш адрэкамэндаваны
яе немаладому каханку
з Гамбургу,
які будзе паблажліва
сачыць за вамі,
але ўжо ня здолее перашкодзіць
твайму першаму афрыканскаму сну —
пра цырк
і сьветласкурую канатаходку,
што ў страшнай высачыні
ідзе над жаўтлявымі руінамі
Картагену,
дзеля раўнавагі
трымаючы ў вуснах галінку
дзікае ружы.

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success