чорная яблыня Poem by VOLHA HAPEYEVA

чорная яблыня

раніца пачынаецца з перакладу імёнаў
людзей
якіх расшукваюць паліцыя, родныя, нейкія службы

у суседняй краіне вайна
але як заўсёды тэрміналогія ў кожнага боку свая

усё што я ведаю пра гэтых людзей - дата іх нараджэння
і з ліста ў ліст якія перакладаю цягнецца невядомасць
як калі трэба трываць і не ведаеш колькі яшчэ
і раптам
месцазнаходжанне асоб устаноўленае
а потым
дадатак - даведка аб апазнанні цела
і невядомасць з бязважкай, з туману робіцца чорнай яблыняй

столькіх я пахавала ў сваіх перакладах
стаяла каля маці і бацькі, каля мужа і каля каханай
сыходзіла каб праз дзень пагрукаць у іншыя дзверы
і глядзець як на тварах з'яўляецца зморшчына нявер'я і гневу

апазнаныя целы і неапазнаныя душы
допіс аб смерці - як правільна перакласці?

і вось я ў турэмнай каморцы пішу ліст
і вось у траншэі расчытваю почырк

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success