параўнальны аналіз траекторыі падзеньня лісьця што вырасла на дрэвах Бэрліну і Менску Poem by VOLHA HAPEYEVA

параўнальны аналіз траекторыі падзеньня лісьця што вырасла на дрэвах Бэрліну і Менску

параўнальны аналіз
траекторыі падзеньня лісьця
што вырасла на дрэвах Бэрліну і Менску
быў праведзены намі напрыканцы жніўня
пры дапамозе вачэй і пачуцьцяў
асобы жаночага полу
ва ўзросьце
не маладым і ня сталым
у тым што акурат пасуе сядзеньню
самотна за столікам і назіраньню
за аб'ектам дасьледаваньня (viz. лісьцем)

у аднаго гэта робіцца вынікам справы
трэба хутчэй даляцець
і палёт перажыць як непазьбежнае ліха
у гэтага лісьця вага ў пашане
шпарчэй датыкнуцца б наждачнай шчакі травы
і гніць, парахнець, перамешваць пах свой сасьпелы з парэшткамі кветак
здабываючы паступова колер Той што іх нарадзіла
а за некалькі сот кіламетраў (дакладней 1031)
іншае лісьце імкнецца схапіцца за вецер
каб як мага даўжэй затрымацца на вертыкалі сцэны
зьвярнуць на сябе ўвагу і прожылкамі пахваліцца
так дасканала сплеценымі на целе
каб праз гэты празрысты экран сонца пасьпела сказаць
пра расклад гастроляў у гарадах іншых
і перадаць прывітаньне сымпатычнай лямпе дзённага асьвятленьня
каб позіркі з вокан насупраць, з-пад акуляраў, брылёў і проста з-пад веек
даляталі, краналі, сачылі і не адпускалі да самай апошняй хвіліны палёту
гэтае лісьце
што нават долу будзе выкладваць пазл з узору падгледзены ім на сьпіне матылька
а пошум машынаў і крокаў будзе здавацца авацыямі
і так да заканчэньня сэзону

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success