НА ВОЗЕРЫ ДОУГІМ Poem by VOLHA IPATAVA

НА ВОЗЕРЫ ДОУГІМ

На возеры Доўгім пад вечар здаўжэлыя цені
Гайдаюцца лёгка , як пругкі чарот і аер,
Як дзікія качкі,
што доўга і цяжка ляцелі,
Каб песняй кахання свабодна ўскрыкваць цяпер.

На возеры Доўгім
здзічэлым стагоддзям не цесна:
І следу няма,
хто ўглядаўся ў падводную глыб,
Хто лашчыў у хвалях свавольных
калісьці тут цела,
Хто прагнуў спазнаць цябе-
толькі ж спачыў каля рыб.

Схілюся смірэнна
над люстрам тваім таямнічым.
Я тут усяго аблачынка,
якая праз міг растае.
І ціха - так ціха, што чутна,
як кліча
Душу маю хтосьці -
мо Той, хто дароўваў яе?

Хвала,хто цябе бараніў
і зрабіў запаведным
Твой сіні закон

і жывому навокал хвала.
Вось вёсачка толькі -
стаяла на беразе гэтым,
Ды ўслед за дваццатым стагоддзем
у Вечнасць сплыла.

Я цені заспела яшчэ і далёкія песні,
І дотык людскі памятае яшчэ азярод.
І гэтак тужліва,
што вёска ужо не ўваскрэсне,
І гэтак жахліва,
калі не ўваскрэсне народ...

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success