Раство на "Раствора-Бэтонным" Poem by ANDREJ KHADANOVICH

Раство на "Раствора-Бэтонным"

Раство на "Раствора-Бэтонным".
Сьнежань за часам мясцовым.
Цяжка брысьці мадоннам
у зімным сьвятле месяцовым

ходзішчам незнаёмым
зь ліпамі паабапал.
Вось Гаспар пакрыёму,
нібы кульгавы д'ябал,

вось Бальтазар з батонам,
вось Мэльхіёр зь бідонам -
на пацеху мадоннам
крочаць "Раствора-Бэтонным".

Слота вечная наша,
звыклы голад і холад.
Вецер made in Russia,
вецер made in Poland.

Паўзе апошні тралейбус.
Наступны прыпынак "Раствора-
Бэтонны". Падпіты бэйбус
глядзіць на мадоннаў сувора.

Дзеўкі - ведзьма на ведзьме -
бавяцца ў тамагочы.
Месцаў мадоннам зь дзецьмі
ніхто саступаць ня хоча.

На мёрзлых шыбах узоры -
лотаць, канвалі, ружа -
банальна зьвялі - І'm sorry -
ад рыфмы банальнай "сьцюжа".

Зімна крохкім бутонам.
Парай плыве гаворка.
Над "Раствора-Бэтонным"
у небе спыняецца зорка.

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success