ВЕРБНІЦА Poem by VOLHA IPATAVA

ВЕРБНІЦА

За ноч зусім зялёным стаў арэшнік.
Ледзь цепліць печка.
За акном смуга.
У Вербную Нядзелю толькі грэшнік
Адчайна дакранецца да плуга.

Вунь у царкве, забранай ад культуры,
Гармідар, і не ўціснуцца зярну.
Унізе ладзяць нейчыя хаўтуры.
Уверсе славяць Бога і вясну.

Яшчэ царква ад скокаў не астыла,
І новенькі блішчыць іканастас,
З-пад скуднае пабелкі 'Веды - сіла'
Шчэ праступаюць, як мінулы час,

Ды, кінуўшы ўчарашнія кумірні,
Зноў ваяўніча моліцца народ,
(Пракляўшы Леніна і атам мірны)
За мечаны Чарнобылем свой род,

За спрамленыя ў балота рэчкі,
За нейчы грэх, што з намі - па вяках...
І вербныя галінкі,
быццам свечкі,
Як сутаргай, засціснуты ў руках.

А навакол, як толькі згледзець з ганку,
Курыцца парай цёплая зямля,
Кадрыль гармонік п'яна рэжа з ранку,
І недзе горка плача немаўля...

COMMENTS OF THE POEM
READ THIS POEM IN OTHER LANGUAGES
Close
Error Success